СУ́ПРАСЛЬСКІ РУ́КАПІС,
назва розных рукапісных зборнікаў — помнікаў усх.-слав. пісьменства. Да 19 ст. зберагаліся ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва). Найб. вядомыя і каштоўныя: Зборнік жыцій і пропаведзяў 11 ст. Напісаны стараслав. мовай на пергаменце (285 лістоў). Месца ўзнікнення дакладна невядома. Мяркуюць, што рукапіс балг. паходжання. Уяўляе сабой чэццю-мінею (кнігу для чытання) на сакавік. Змяшчае 24 жыціі і 24 словы-павучанні, у т. л. 20 слоў Іаана Златавуста. Разам з Тураўскім евангеллем і інш. рукапісамі 11 ст. гэты зборнік — адзін з самых стараж. помнікаў усх.-слав. пісьменства. Адкрыў і даследаваў М.К.Баброўскі. У 19 ст. падзелены на 3 часткі, якія зберагаюцца ў Варшаве (151 ліст), Любляне (118 лістоў) і С.-Пецярбургу ў Рас. нац. б-цы (16 лістоў). У зарубежнай навук. л-ры гэты зборнік называюць Супрасльскім кодэксам (Codex Suprasliensis). Летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст. Складаецца з рус. скарочанага летапісу, блізкага да Аўрамкі летапісу, кароткай летапіснай выбаркі па гісторыі Русі і ВКЛ пачынаючы з 862 і гіст. запісаў пра падзеі канца 15 — пач. 16 ст. на Беларусі, у Кіеве і на Валыні (гл. Валынскі кароткі летапіс). Упершыню апубл. ў 1836 М.Я.Абаленскім. Зберагаецца ў Маскве ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў. Зборнік 1519 змяшчае свецкія і рэліг. творы, у т. л. самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 (гл. Супрасльскі летапіс), пераклад на бел. мову Вісліцкага статута польск. караля Казіміра III Вялікага, «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Перапісаны ва ўсх. Беларусі пісцом Рыгорам для кн. С.Адынцэвіча, радаслоўе якога змешчана ў канцы рукапісу. Адкрыты Баброўскім. Зберагаецца ў архіве С.-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас. АН.
Літ.:
Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенныя летописи. М., 1836;
Бобровский П.О. Судьба Супрасльской рукописи, открытой... М.К.Бобровским. СПб., 1887;
Северьянов С. Супрасльская рукопись. Т. 1. СПб., 1904;
Супрасълски или Ретков сборник. Т. 1—2. София, 1982—83.
А.В.Чамярыцкі.
т. 15, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)